Беларуская Служба

У Польшчы прайшоў фестываль «Два тэатры» - унікальны культурны форум радыё- і тэлепастановак 

19.06.2023 17:49
Гэтае мерапрыемства прысвечана радыё- і тэлеспектаклям – формам драматургічнай творчасці, якія ў апошні час сталі нішавымі, і з-за гэтага адначасова – элітарнымі.
Аўдыё
   (    )
У горадзе Замасць (Люблінскае ваяводства ва ўсходняй Польшчы) завяршыўся ўнікальны фестываль пад назвай «Два тэатры»PAP/Wojtek Jargiło

У горадзе Замасць (Люблінскае ваяводства ва ўсходняй Польшчы) завяршыўся ўнікальны фестываль пад назвай «Два тэатры». Гэтае мерапрыемства прысвечана радыё- і тэлеспектаклям – формам драматургічнай творчасці, якія ў апошні час сталі нішавымі, і з-за гэтага адначасова – элітарнымі.

Фестываль Тэатру Польскага радыё і Тэатру Польскага тэлебачання «Два тэатры» – так гучыць поўная назва культурнага мерапрыемства. Упершыню тэатральны форум прайшоў у 2002 годзе ў балтыйскім Сопаце. У гэтым горадзе фестываль адбываўся да 2019 года, а пачынаючы з 2021 года праходзіць у Замасці. Сёлета мерапрыемства адбылося 22-і па ліку раз, традыцыйна – у першыя выходныя чэрвеня.

Паводле правіл мерапрыемства, у конкурснай частцы прымаюць удзел радыё- і тэлеспектаклі, прэм’ера якіх мела месца ў папярэднім годзе. Такім чынам сёлета слухачы і гледачы знаёміліся з пастаноўкамі, якія былі паказаныя альбо прагучалі ў 2022 годзе ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання і радыё.

У праграме фестывалю – не толькі знаёмства з творамі, але таксама сустрэчы з акцёрамі, рэжысёрамі, канцэрты, выставы, літаратурныя вечарыны і мерапрыемствы для дзяцей. Сёлета ў Замасці прагучала 28 радыёспектакляў і было паказана 16 тэлепастановак. Дарэчы, некаторыя аўдыёдрамы прагучалі ў жывым выкананні. Калі ж некаторым аматарам жывога слова не ўдалося трапіць на фестываль, то яны нічога не страцілі (мо толькі жывы кантакт з творцамі), таму што Польскае радыё стварыла адмысловы сайт, на якім вялася трансляцыя аўдыёдрамаў, і на якім змешчаныя запісы радыёпастановак. Зразумела, фрагменты фестывалю, а таксама размовы з творцамі трансляваліся ў эфіры Польскага радыё, прычым мерапрыемства асвятлялі ўсе канала дзяржаўнай радыёстанцыі.

Дарэчы, сярод лаўрэатаў фестывалю «Два тэатры» – вядомыя польскія творцы. Так, імі былі, у прыватнасці, рэжысёры Анджэй Вайда і Агнешка Холанд, а таксама славутыя акцёры Крыстына Янда, Януш Гаёс, Станіслава Цэліньска і інш. Цікава тое, што акцёры ахвотна бяруць ролі ў радыёспектаклях, бо, як ужо гаварылася, гэты від мастацтва стаў элітарнай творчай формай. А па-другое, падчас выканання ролі акцёр мае нашмат цяжэйшую задачу, бо павінен іграць толькі голасам, а гэта ўжо – вышэйшая ступень акцёрскага майстэрства.

Вядомы польскі акцёр тэатру і кіно Анджэй Масталеж, які таксама іграе ў радыёспектаклях Польскага радыё і з’яўляецца іх рэжысёрам, гаворыць, што фестываль «Два тэатры» – гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца амаль з усімі радыё- і тэлепастаноўкамі, якія падрыхтаваныя ў Польшчы.

- На фестывалі цягам трох дзён можна ўбачыць і пачуць шмат спектакляў. Уваход свабодны. Прыгожы горад. Праўда, надвор’е крыху падвяло, але на гэта ў нас няма ўплыву. Гледачы і слухачы ў адным месцы і ў кароткім часе маюць магчымасць пазнаёміцца з мноствам радыё- і тэлеспектакляў. Зразумела, прэм’еры па радыё і тэлебачанні адбываюцца раз на нейкі час, здараецца, што ў нас няма магчымасці ці часу пазнаёміцца з творамі, але дзякуючы фестывалю пастаноўкі, так бы мовіць, сабраныя ў адным месцы, што і дае магчымасць іх пабачыць альбо пачуць.

Якія метады павінен выкарыстаць акцёр у радыёспектаклі, каб слухач мог адчуць паўнату драматычнага твору?

- Перш за ўсё – гэта ігра голасам. Мы павінны ўявіць сабе гледача, якога не бачым – гэта значыць слухача, і нам трэба ўявіць, што ён там недзе ёсць і нас слухае. І нам неабходна зрабіць усё, каб прыцягнуць яго ўвагу, каб яму было цікава. На першым месцы – уяўленне... Неабходна ўяўляць атмасферу аўдыёдрамы, месца падзеі... Калі мы, акцёры, гэта ўявім, то слухач таксама – ён пойдзе за намі.

Сярод радыёспектакляў, якія прагучалі ў Замасці, была пастаноўка паводле твору «Балады і рамансы» Адама Міцкевіча. Рэжысёр Аляксандра Глагоўска расказала, чаму вырашыла ўзяць для пастаноўкі твор вядомага польскага паэта.

- Чытаючы «Балады і рамансы» я падумала, што кожная з гісторый – гэта драма. І мне прыйшло ў галаву, каб напісаць ролі да кожнай гісторыі, дзякуючы чаму ўдасца расказаць альбо страшную, альбо рамантычную, альбо магічную гісторыю. Працуючы, я таксама зразумела, якім геніем быў Міцкевіч! І як шмат у яго творах народнай мудрасці і жыццёвай праўды. І я вырашыла падзяліцца са слухачамі менавіта гэтай народнай мудрасцю і сілай польскага народу.

Фестываль «Два тэатры» праходзіў у Замасці з 16 па 19 чэрвеня. Мерапрыемства сабрала сотні аматараў радыё- і тэлепастановак і шматлікіх вядомых прадстаўнікоў польскага акцёрскага асяроддзя.

вс

слухайце аўдыёфайл